Get Mystery Box with random crypto!

Падпіска аб неразгалошванні. Што ж гэта такое? Адказваем на са | ГАРАДЗЕНСКАЯ ПРАВААБАРОНА / HARADZENSKAYA PRAVAABARONA

Падпіска аб неразгалошванні. Што ж гэта такое? Адказваем на самыя трывожныя пытанні :)

На што НЕ распаўсюджваецца падпіска аб неразгалошванні?
- на звесткі, якія следчы дазволіў разгалошваць;
- на тое, што вас выклікалі на допыт; у вас дома адбыўся вобшук; у якасці каго вы ўдзельнічаеце ў справе, напрыклад, у якасці сведкі;
- на падачу скаргаў, калі вашы правы былі парушаныя, іншых хадайніцтваў/заяваў.

У якіх выпадках вас папросяць даць падпіску аб неразгалошванні?
- Калі ў следчага ўзнікне такое жаданне.

З якога моманту яна пачынае дзейнічаць? Ці мае зваротную сілу?
- Абавязак неразгалошвання паўстае, калі вас папярэдзілі пра забарону, а таксама калі вы далі падпіску аб неразгалошванні або адмовіліся яе даваць і такая адмова была зафіксаваная следчым. Ад гэтага моманту вам забаронена выдаваць дадзеныя папярэдняга расследавання.
Калі вы выдалі дадзеныя папярэдняга следства да таго, як былі папярэджаныя і далі падпіску, то да крымінальнай адказнасці вас прыцягнуць за гэта не могуць. Таму, калі вы даяце падпіску, не забудзьцеся паставіць дату, каб дакумент не быў выдадзены заднім днём.

Ці можна пісаць скаргі пракурору, калі падчас ажыццяўлення працэсуальных дзеянняў былі парушаныя вашы правы і нормы КПК? Ці з'яўляецца гэта разгалошваннем, якое падпадае пад падпіску?
- Не, не з'яўляецца, бо гэтая забарона не распаўсюджваецца на звесткі аб парушэнні заканадаўства органамі і іх службовымі асобамі. Скаргі пісаць можна і трэба.

Што будзе, калі наўмысна падзяліцца звесткамі, якія не падлягаюць распаўсюду, пасля папярэджання і дачы падпіскі?
- Крымінальная адказнасць: штраф ці арышт (арт. 407 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Ці можна НЕ даваць падпіску аб неразгалошванні?
- Так, можна, але гэта ніяк не будзе ўплываць на забарону выдаваць дадзеныя папярэдняга следства, бо галоўнае — гэта вас папярэдзіць. Калі вы адмаўляецеся даць падпіску, то вашая адмова будзе зафіксаваная службовай асобай і за вамі ўсё роўна застаецца абавязак не разгалошваць дадзеныя папярэдняга следства.

Але калі вы падазраваны ці абвінавачваны, то вы НЕ абавязаны даваць падпіску аб неразгалошванні папярэдняга расследавання і не можаце быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці паводле арт. 407 КК.

Што рабіць, калі мне вельмі хочацца падзяліцца дадзенай інфармацыяй з сябрамі ці блізкімі сваякамі?
- Звярнуцца да следчага і атрымаць ад яго дазвол. Тады можна і распавесці.

Калі заканчваецца тэрмін яе дзеяння?
- Ніколі. Яна дзейнічае бестэрмінова.

Звярнуцца па дапамогу па юрыдычных пытаннях, а таксама абскардзіць пастанову суда:
Telegram: @zvarot96 | Email: zvarot@spring96.org

Паведаміць пра затрыманне, а таксама атрымаць юрыдычнае кансультаванне:
Telegram: @ViasnaSOS, @SosViasna