Get Mystery Box with random crypto!

'Беларусам трэба бараніць сябе' Тры месяцы таму журналісты 'Р | ГАРАДЗЕНСКАЯ ПРАВААБАРОНА / HARADZENSKAYA PRAVAABARONA

"Беларусам трэба бараніць сябе"

Тры месяцы таму журналісты "Радыё Свабода" задалі вясноўцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзю Лабковічу пытанне: што рабіць беларусам, калі пасадзяць праваабаронцаў? Сёння яны ўсе за кратамі. А вось што адказалі тады.

Уладзь Лабковіч:
"Думаю, мы будзем побач, нават калі будзем сядзець. Ёсць шмат міжнародных арганізацый, якія нікуды не дзенуцца. Ёсць ужо вялікая колькасць праваабаронцаў, якія былі вымушаныя з'ехаць. Паверце, калі пасадзяць адных, з'явяцца іншыя. Людзі, якія будуць бараніць іншых, знойдуцца заўсёды. І калі гэта будзе не «Вясна», таму што ўсе будуць сядзець, то з'явяцца іншыя. Калі не дай бог такое здарыцца, то можа гэта будуць тыя, каго мы вучылі на нашых школах па правах чалавека. Заўсёды з'явяцца людзі, якім важна пытанне справядлівасці, права і бараніць тых, хто апынуўся ў сітуацыі поўнага беспраўя з боку ўладаў".

Алесь Бяляцкі:
"Сапраўды, нас могуць вельмі моцна рэпрэсаваць, нас могуць пахаваць па турмах, выгнаць з краіны, але ў гэтай сітуацыі толькі мільёны беларусаў могуць абараніць свае правы. Таму вельмі важна, каб гэтае жаданне і настойлівае патрабаванне ў выкананні правоў, якія датычацца кожнага грамадзяніна, каб гэтая просьба і ціск, ішоў ад усяго беларускага грамадства".

Валянцін Стэфановіч:
"Гэта такая апакалептычная карціна, але яна калісьці была ў нашай гісторыі: Савецкі саюз, пачатак 80-х, разгром савецкага праваабарончага руху, калі практычна ўсіх праваабаронцаў перасадзілі. І такіх праваабаронцаў, якія бы дзейнічалі на свабодзе, фактычна не засталося. Такое, напэўна, можа здарыцца. Што рабіць беларусам? Бараніць сябе. Увогуле тут трэба зразумець, што, акрамя нас саміх, ніхто не зможа нічога змяніць у гэтай краіне".