Get Mystery Box with random crypto!

Крымінальную адказнасць за заклік да санкцый збіраюцца пастрож | ГАРАДЗЕНСКАЯ ПРАВААБАРОНА / HARADZENSKAYA PRAVAABARONA

Крымінальную адказнасць за заклік да санкцый збіраюцца пастрожыць: цяпер максімум — 7 гадоў, а будзе 12

Законапраект аб змяненні Крымінальнага кодэкса ўнесены ў Палату прадстаўнікоў дэпутатам Алегам Белаконевым. У ім артыкул 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі будзе выкладзены ў новай рэдакцыі. Калі закон ухваляць абедзве палаты парламента, то за заклікі да санкцый будуць пагражаць куды большыя тэрміны.

Параўнайце, як караюць і як прапануюць караць паводле арт. 361 «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Ч. 1 «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або ўчынення акта тэрарызму ці дыверсіі, або ажыццяўленне дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйсненне іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі».

Было: пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў
Стане: пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў

Ч. 2 «Заклікі, звернутыя да замежнай дзяржавы, замежнай або міжнароднай арганізацыі, учыніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства».

Было: пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў
Стане: пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў

Ч. 3 «Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў».

Было: пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў
Стане: пазбаўленне волі на тэрмін ад 4 да 12 гадоў